УСХО́ДНЕ-СІБІ́РСКАЕ МО́РА,

ускраіннае мора Паўн. Ледавітага ак., паміж Новасібірскімі а-вамі і в-ам Урангеля. На З пралівамі Дзмітрыя Лапцева, Этэрыкан і Саннікава злучаецца з м. Лапцевых, на У пралівам Лонга — з Чукоцкім морам. Пл. 913 тыс. км². Найб. глыб. 915 м. Берагавая лінія парэзана слаба. Залівы: Калымскі заліў, Чаўнская, Амуляхская і Хромская губы. Найб. астравы: Новасібірскія, Мядзведжыя, Аён. Упадаюць рэкі: Індыгірка, Алазея, Калыма. Клімат арктычны. Сярэдняя т-ра вады летам 4—8 °C (на Пд), 0—1 °C (на Пн). Салёнасць на Пд (каля вусцяў рэк) 5—10‰, на З да 20‰, на Пн да 30‰. Большую ч. года ўкрыта лёдам, летам ад яго вызваляецца толькі прыбярэжная зона ў зах. частцы. Прылівы паўсутачныя (да 0,1 м). Рыбалоўства. Водзяцца цюлені, маржы, белы мядзведзь. У.-С.м. — частка Паўночнага марскога шляху. Гал. порт — Певек (Чаўнская губа).

т. 16, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)